Беларуская мова – мая родная мова!

Беларуская мова прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая і звонкая. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі. 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, як няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Традыцыйна з мэтай узмацнення матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, культурнай і гістарычнай спадчыны нашай краіны ў перыяд з 19 па 24 лютага ў нашай школе прайшоў  Тыдзень беларускай мовы і беларускай літаратуры. Настаўнікі пачатковых класаў разам з вучнямі прынялі актыўны ўдзел у правядзенні прадметнага тыдня. У фае першага паверха школы была арганізавана выстава “Беларуская мова – родная мова!” Вучні азнаёміліся з планам тыдня, а таксама з лепшымі выказваннямі пра беларускую мову і іншымі цікавымі матэрыяламі на інфармацыйным стэндзе. Таксама прайшоў конкурс газет і плакатаў «Таямніцы беларускай мовы», у якiм пераможцы атрымалi дыпломы.

     Вырашэнню пастаўленых задач садзейнічалі адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, якія правялі  разам з вучнямі настаўнікі пачатковых класаў.  Так, на ўроку беларускай мовы ў 1 “А” класе на тэму “Я i навакольны свет. Надвор´е, з´явы прыроды”, які правяла настаўнік Панкова Наталля Пятроўна, дзеці пазнаёміліся з новымі беларускімі словамі, вучыліся іх правільна вымаỹляць і выкарыстоўваць у нашай мове. Яны гулялі  ў  гульню “Трэці лішні”, “Перакладчыкі”, адгадвалі загадкі  Пасля знаемства  з новай казкай “Пухнацік”, дзеці складалі маленькае апавяданне з новымі словамі. Змест урока адпавядаў патрабаванням праграмы. Структура ўрока адпавядала тыпу ўрока (вывучэнне новай тэмы). Матэрыял урока выкладаўся паслядоўна. 

Не менш займальна прайшлі пазакласныя мерапрыемствы. З ахвотай дзеці прымалі ўдзел у QR квэст — гульні «Пагуляем у роднае слова», якую правяла ў 3 “Б” класе настаўнік Кузьмiцкая Алла Васiльеўна. Мэтай гульні было стварэнне ўмовы для фарміравання патныятызму, павагі да нацыянальных святынь, пачуцця адказнасці за захаванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, гонару за сваю краіну. Дзеці  ўспомнілі беларускія песні, загадкі, казкі, прыказкі і прымаўкі, звярнуліся да гісторыі нашай Радзімы.  Гульня прайшла ў выглядзе конкурсаў паміж трыма камандамі. Кожны вучань змог праявіць свае творчыя здольнасці і прадэманстраваць уменне працаваць у камандзе. Пераможцы гульні былі ўзнагароджаны медалямі, а ўдзельнікі атрымалі сувеніры.

Гульню — вiктарыну “Пагавары са мной на роднай мове” правяла ў  3 «В» класе Перапечына Нiна Яўгеньеўна з мэтай фарміравання ў дзяцей цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жадання авалодаць ёю  і разумець яе. Дзеці  ўзбагачалі слоўнікавы запас, актывізіравалі маўленчую дзейнасць. Таксама яны пазнаёміліся з Міжнародным днем роднай мовы, які святкуецца штогод 21 лютага, практыкаваліся ў перакладзе слоў з рускай мовы на беларускую,  тлумачылі  значэнне “хітрых” беларускіх слоў. Удзельнікі гульні ў падарунак атрымалі дзіцячыя кніжкі на беларускай мове з творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Гульня  «Чароўны квадрат» прайшла     ў  2 «Г»  класе, якую правяла Гаўрыленка Марына Аляксееўна, настаўнік пачатковых класаў.     Задачы гульні: садзейнічаць узбагачэнню слоўніка вучняў лексікай беларускай мовы,

развіццю лагічнага мыслення, кемлівасці і ўвагі;        садзейнічаць выхаванню пачуцця гонару за сваю мову, выхаванню самастойнасці ў рабоце, дысцыплінаванасці.      Дзеці вызначалі тэму заняткаў пры дапамозе воблака слоў. На дошцы быў намаляваны чароўны квадрат, які складаўся з дзевяці маленькіх квадрацікаў з рознымі заданнямі. Трэба было выканаць іх і даказаць людзям, што мы, беларусы, любім і ведаем беларускую мову. У канцы мерапрыемства дзеці сплялі з валошкаў вяночкі.

Лебедзева Юлiя Мiкалаеўна з вучнямі 1 «Г» класа правяла гульню – падарожжа «У краме» з мэтай фарміравання   ўменняў размяркоўваць ролі і дзейнічаць, згодна з прынятай на сябе ролі;  выконваць адпаведныя гульнявыя дзеянні, знаходзіць у навакольнай абстаноўцы прадметы, неабходныя для гульні. Дзеці  ўзбагачалі слоўнікавы запас, праяўлялі творчае мысленне, дзіцячую фантазію, вучыліся  выхоўваць павагу да працы дарослых. Галоўным героем была  дзяўчынка Настачка, якой дзеці дапамаглі схадзіць у краму і купіць прадукты харчавання да дня  нараджэння.

Такія мерапрыемствы праводзяцца для таго, каб далучаць дзяцей да вытокаў народнай мудрасці, выклікаць іх цікавасць да вывучэння беларускіх слоў, развіваць кемлівасць, дапытлівасць і творчыя здольнасці, абуджаць любоў да роднай мовы.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня беларускай мовы і беларускай літаратуры, паказалі зацікаўленасць вучняў у вывучэнні роднай мовы, гісторыі і традыцый беларускага народа, садзейнічалі пашырэнню ведаў, атрыманых на ўроках беларускай мовы і беларускай літаратуры, развівалі творчыя здольнасці вучняў.

 Алена Казіміраўна Нікіфарава,

кіраўнік вучэбна — метадычнага аб’яднання

настаўнікаў пачатковых класаў 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *