Каб мова родная гучала

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень у кожнага з нас ёсць магчымасць і жаданне пагаварыць на роднай мове, успомніць нашы родныя “залацінкі”. Адзначаецца гэта свята і ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 19 г. Магілёва”, якое ў бягучым годзе праходзіла пад дэвізам “Каб мова родная гучала”. Прыняць удзел у мерапрыемствах маглі ўсе,  ад першакласнікаў да настаўнікаў.

Традыцыйна ў нашай школе 11-класнікі рыхтуюць і праводзяць для вучняў пачатковых класаў інформ-дайджэст “Багата, родная ты мова!”. Так і ў гэтыя дні падчас мерапрыемства гучалі вершы на беларускай  мове і вучні-пачаткоўцы прымалі ўдзел у віктарыне, адгадвалі загадкі, называлі самыя шчырыя, добрыя і мудрыя словы роднай мовы. Для васьмікласнікаў было арганізавана мерапрыемства “Беларуская мова”, вынікам якога стаў незвычайны дыктант. Вучні 6, 7 і 9 класаў прынялі ўдзел у пошукавай гульні “З любоўю да роднага слова”, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разгадвалі красворды, паказвалі тэатр літар, малявалі беларускія абрусы, спявалі беларускія песні. Вынікам пошукавай гульні стала знаёмства з вершам У. Дубоўкі “Родная мова, цудоўная мова!..” і знаходжанне страчанага паролю ад камп’ютарнай гульні.

       Прыемна, што падчас святкавання  Міжнароднага дня роднай мовы кожны вучань нашай школы меў магчымасць далучыцца да невычэрпнага багацця беларускай мовы і  праявіць свае творчыя, інтэлектуальныя і лідарскія здольнасці.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Зяткіна Н. М.