21 ЛЮТАГА – ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янішчыц

     “БЕЛАРУСКАЯ – САМАЯ МАЯ”, — пад такім дэвізам 21 лютага ў нашай школе адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень быў напоўнены цікавымі падзеямі і акцыямі, словамі прызнання і ўдзячнасці роднай мове.

       Урокі ў гэты святочны дзень у школе пачыналіся прывітаннямі на роднай мове, паэтычнымі хвілінкамі. У фае гучала беларуская музыка. Вучні, настаўнікі і бацькі мелі магчымасць дакрануцца да прыгажосці нашай мовы, знаёмячыся з матэрыяламі выставы “З любоўю да роднага слова!”

       Добрай традыцыяй стала правядзенне 11-класнікамі інформ-дайджэста “21 лютага – Дзень роднай мовы”. У час інфармацыйнага выпуску гучалі вершы пра беларускую мову, расказвалася гісторыя ўзнікнення гэтага свята,  адзначаліся самыя цёплыя, самыя смачныя і самыя мудрыя словы.

      Завяршылася свята ў гэты дзень флэш-мобам “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”, у якім актыўны ўдзел прынялі вучні 6-х класаў.