21 верасня. Гульнёвы падворак

Перапынак. Час адпачынку вучняў. Яго можна правесці цікава, весела і пазнавальна.

У чацвер 21 верасня вучні 6-х класаў былі запрошаны на гульнёвыя перапынкі. Гульні “Арэлі”, “Паясы”, “Ручаёк”, “Работнікі” садзейнічалі не толькі авалодванню дзецьмі роднай мовай, але і стварэнню добрага настрою, развіццю дыялагічнага маўлення, фарміраванню хуткасці рэакцыі, а таксама пачуцця калектывізму.

Прапануем Вашай увазе некалькі беларускіх народных гульняў, у якія можна пагуляць разам з дзецьмі.

Гульня “Арэлі”

Дзеці стаяць у крузе, трымаючыся за рукі, і махаюць імі ўперад-назад.

Гой-да, гой-да,  на арэлі селі,

Гой-да, гой-да, песеньку запелі,

Вось так, вось так хутка раскачаліся,

(тупаюць нагамі, паскараючыся з кожным разам)

Вось так, вось так весела смяяліся.

Гульня “Паясы”

Двум хлопцам вядучы дае пояс даўжынёй 6 метраў. Яны бяруць пояс за канцы, а вядучы трымае пасярэдзіне. Па знаку вядучага пад музыку ўдзельнікі накручваюць на сябе пояс, а калі дойдуць да сярэдзіны, тут жа пачынаюць раскручвацца. Раскруціўшыся, трэба адной рукой узяць пояс, а другую падняць угору. Перамагае той, хто хутчэй справіцца з заданнем.

Гульня “Работнікі”

Ігракі ўтвараюць круг. У сярэдзіну становіцца “майстар” і гаворыць:

Мы ўмелыя работнікі,

Аратыя і плотнікі,

Сена косім, будуем дом…

Што мы робім тапаром?

Ігракі павінны адказаць на гэта пытанне жэстамі. Пасля гэтага “майстар” хутка называе другі інструмент. Пытанні “майстра” могуць быць такімі: Што мы робім касой? Нажніцамі? Іголкай? Сярпом? Нажом? Рубанкам? Граблямі? Ухватам? Рыдлёўкай? Каромыслам?

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Зяткіна Н. М.